"Падвойны Оруэл". Стваральнікі сістэмы сачэння за беларусамі адкрылі ў Мінску рэстаран, які назвалі з адсылкай да Оруэла
Яны вялі сумесны бізнес з Аляксеем Алексіным і Упраўленнем справамі прэзідэнта пры Шэймане.
Усім прывітанне! Гэта "менскі капучынатар". Два месяцы не было новых выпускаў, але не таму што не было чаго вам расказаць. Проста быў шчыльна заняты распрацоўкай расследавання пра “Беларускі Чырвоны Крыж” для “Бюро”. Дарэчы, можаце прачытаць яго тут.
Сёння я хачу вам расказаць пра мінскую рэстарацыю “Animal Farm”. Гэтым рэстаранам валодаюць сузаснавальнікі "Сінезіс". Нагадаю вам, хто гэта такія.
“Сінэзіс” распрацавала сістэму распазнавання асобаў Kipod, на аснове якой беларускія ўлады замовілі ў кампаніі распрацоўку “Рэспубліканскай сістэмы маніторынгу грамадскай бяспекі”. У 2020 годзе гэтая сістэма прымянялася для ідэнтыфікацыі пратэстуючых. Вядомы як мінімум адзін публічны кейс выкарыстання сістэмы ў рэпрэсіях — затрыманне актывіста-анархіста Міколы Дзядка.
Пасля падзей 2020 года кампанія і яе сузаснавальнік Аляксандр Шатроў патрапілі пад міжнародныя санкцыі. У 2023 годзе яны прайгралі суды ў ЕС, дзе спрабавалі аспрэчыць рашэнні па санкцыях.
Але вернемся да рэстарана. Ён належыць кампаніі "Ору Эл", якой валодаюць два чалавекі — Дзмітрый Швядко і Пётр Шатроў.
■ Дзмітрый Швядко — фігуруе ў шэрагу кампаній групы "Сінезіс" як саўладальнік або дырэктар.
■ Пётр Шатроў — брат Аляксандра Шатрова, таксама ўдзельнічаў у заснаванні і кіраванні “Сінэзісам”.
Дарэчы сам Аляксандр Шатроў — былы саўладальнік рэстарана.
Спачатку рэстаран адкрыўся ў 2017 годзе на вуліцы Платонава і першыя часы ён быў зачынены для масавай публікі — туды пускалі толькі супрацоўнікаў IT-кампаній, якія працавалі ў бізнес-цэнтры побач. Толькі праз год рэстаран адкрылі для усіх.
У 2021 годзе стваральнікі адкрылі яшчэ адну ўстанову — аднайменнае буланжэры-бістро па адрасе Мельнікайтэ, 9. Шэф-повар устаноў — Антон Каленік.
Але, канешне, справа не толькі ў распрацоўцы для ўладаў сістэмы сачэння за беларусамі.
"Сінезіс" і Шатроў таксама звязаны з набліжаным да Лукашэнкі бізнесменам — Аляксеем Алексіным. І размова не пра прывідныя сувязі — кампаніі Алексіна і яго жонка ўваходзілі ў склад уладальнікаў некалькіх кампаній групы "Сінезіс".
Пра гэта я падрабязна распісваў яшчэ ў 2020 годзе на "Еўрарадыё".
Цытата адтуль (актуальна на 2020 год):
“Калі гаворка заходзіць пра кампанію ТАА "Сінезіс", звычайна згадваюцца трое яе ўладальнікаў: браты Аляксандр і Пётр Шатровы, а таксама Мікалай Пціцын. Але ім належыць не ўся кампанія. Крыху больш як 25% долі ў суме валодаюць Іна Алексіна (0,06%) і кампанія "Энерга-Оіл-Інвест" (24,99%).
Кампаніяй "Энерга-Оіл-Інвест", у сваю чаргу, валодаюць Іна і Аляксей Алексіны. Гэта не адзіная юрыдычная асоба ў групе кампаній Synesis, звязаная з парай Алексіных.
У 2018 годзе ў Беларусі з'явіўся нацыянальны аператар маніторынгу транзітных перавозак. Для новага кірунку працы стварылі гандлёвую марку — "БНГарант", якая належыць ТДА "Белнафтагаз". Трыма гадамі раней пастановай урада кампанія "Белнафтагаз" стала нацыянальным гарантам забеспячэння выплаты мытных пошлін і падаткаў.
ТДА "Белнафтагаз" вядомая як аператар аптовага гандлю нафтапрадуктамі і бенефіцыярны ўладальнік ЗАТ "МТБанк". 40% долі кампаніі валодае Іна Алексіна, астатнімі 60% — яе муж Аляксей Алексін. Пра гэта сказана на сайце банка ў раздзеле акцыянераў.
У тым самым 2018 годзе была зарэгістраваная новая "дачка" кампаніі Synesis — ТАА "Сінезіс Стыгма", створаная адмыслова для работы над сістэмай маніторынгу міжнародных транзітных перавозак. Кампанія распрацавала ўласную платформу для электроннага пламбавання фур і кантролю стану і месцазнаходжання транзітных грузаў.
Пціцын і браты Шатровы разам валодаюць 25% долі "Сінезіс Стыгма". Астатнія 75% — у кампаніі "Белнафтагаз", якой, нагадаем, валодаюць Аляксей і Іна Алексіны”.
Дарэчы, сам Аляксей Алексін таксама патрапіў пад санкцыі і ў 2023 годзе таксама прайграў суд у ЕС па аспрэчванні санкцый.
Дзякуй, што дачыталі. Калі вам было цікава — падзяліцеся тэкстам з сябрамі. Буду вельмі ўдзячны.
Калі вам ёсць што распавесці — пішыце на email — cappuccinator@proton.me ці мне ў асабістыя ў тэлеграм.