Еўропа складаецца з кавярняў
Эсэ Джоржа Стайнера "Ідэя Еўропы" на беларускай мове
Эсэ Джоржа Cтайнера «Ідэя Еўропы» выйшла ў 2004 годзе і з'яўляецца адаптаванай версіяй яго аднайменнай невялікай кнігі, якая выйшла яшчэ ў 1966 годзе.
Джорж Cтайнер — філосаф, перакладчык, літаратуразнавец, паліглот і асоба, якая ўвасабляе вобраз класічнага еўрапейскага інтэлектуала. Ён нарадзіўся ў Парыжы ў 1929 годзе - у 1940 годзе яго сям'я эмігравала ў ЗША, перад самым нямецкім уварваннем у Францыю.
Выпускнік Чыкагскага і Гарвардскага ўніверсітэтаў. Выкладчык і прафесар шматлікіх еўрапейскіх і амерыканскіх універсітэтаў. Аўтар больш за дзесяць кніг па літаратуры, філасофіі і эстэтыцы. Яго, мабыць, самая вядомая праца «Мова і цішыня» (1967) прадстаўляе нам глыбокі аналіз еўрапейскіх музычных, літаратурных і філасофскіх твораў ад Антычнасці да сучаснасці.
У гэтым творы ён па-новаму і радыкальна ставіць пытанні аб ідэнтычнасці Еўропы — чым з'яўляецца сучасная Еўропа ў культурным сэнсе? Ці ёсць каштоўнасці і прынцыпы, якія працягваюць натхняць еўрапейцаў? Ці можна вылучыць выразныя маркеры, якія характарызавалі б сучаснага еўрапейца?
Джорж Стайнер. Ідэя Еўропы
Еўропа складаецца з кавярняў, cafés. Яны разлягаюцца ад улюбёнай кавярні Пэсоа ў Лісабоне да кафэ Адэсы, населеных прывідамі крымінальнікаў Ісака Бабеля. Цягнуцца ад кавярняў Капенгагена, праз якія К’еркегор праходзіў падчас сваіх засяроджаных шпацыраў, да столікаў Палерма. Няма ранніх і ясных сведчанняў пра café ў Маскве, якая ўжо ёсць прыгарадам Азіі. Зусім няшмат у Англіі, пасля некаторай моды ў васемнаццатым стагоддзі. Няма іх у Паўночнай Амерыцы па-за межамі франка-каталіцкага выступу ў Новым Арлеане. Намалюйце мапу кавярняў і ў вас будзе адзін з сутнасных маркераў ідэі Еўропы.
Кавярня ёсць месцам для спатканняў і змоваў, інтэлектуальных дыскусій і плётак, для звычайнага тулягі (flâneur) альбо паэта ці метафізіка са сваім нататнікам. Яна адкрыта для ўсіх, але гэта таксама клуб, таемная супольнасць, дзе паўстаюць палітычныя альбо мастацка-літаратурныя ідэі і аўтарытэты. Кубак кавы, шклянка віна, гарбата з ромам даюць вам прастору, у якой можна працаваць, марыць, гуляць у шахматы альбо проста грэцца ўвесь дзень. Гэта супольнасць духу і прытулак бяздомных. У Мілане Стендаля, у Венецыі Казановы, у Парыжы Бадлера, у кавярнях месцілася тое, што было тады палітычнай апазіцыяй, падпольным лібералізмам.
Тры галоўныя кавярні у імперскай і міжваеннай Вене сталі агорай, месцам красамоўства і суперніцтва для канкуруючых школ эстэтыкі і палітычнай эканоміі, псіхааналізу і філасофіі. Тыя, хто хацелі сустрэць Фройда або Карла Крауса, Музіля або Карнапа, дакладна ведалі, у якім café паглядзець, за якім столікам заняць сваё месца. Дантон і Рабесп’ер сустракаюцца апошні раз у Пракопе. Калі ў жніўні 1914 года згасае святло у Еўропе, Жарэса забіваюць у кафэ. У кавярні Жэневы Ленін піша свой трактат аб эмпірыякрытыцызме і гуляе ў шахматы з Троцкім.
[…]
Еўропа там, дзе ёсць месца хадзе. Гэта галоўнае. Картаграфія Еўропы ўзнікае са здольнасцяў чалавечых ног, іх уяўных даляглядаў. Еўрапейцы праходзілі свае тэрыторыі ад дома да дома, ад вёскі да вёскі, ад горада да горада. Часцей за ўсё гэта прастора, падлеглая чалавеку, яе можа адолець пешы падарожнік, пілігрым да Кампастэлы, вандроўца, самотны альбо ў сяброўскай кампаніі. Ёсць бязводныя месцы, забароненыя зоны; ёсць балоты; альпійскія ўзвышшы. Але ніводнае з іх не будзе канчатковай перашкодай. У Еўропе няма ані Даліны Смерці, ані Амазоніі, ані глухіх кутоў, непраходных для падарожніка.
[…]
Вуліцы і плошчы, якія праходзяцца мужчынамі, жанчынамі, дзецьмі у Еўропе, названыя імёнамі незлічонай колькасці дзяржаўных дзеячаў, вайсковых герояў, паэтаў, мастакоў, кампазітараў, навукоўцаў і філосафаў. Гэта мой трэці параметр. Падчас майго ўласнага дзяцінства ў Парыжы я мусіў шматкроць наведваць вуліцу Ла Фантэна, Плошчу Віктара Гюго, мост Анры IV, вуліцу Тэафіля Гацье. Вуліцы вакол Сарбоны названы ў гонар высокіх майстроў сярэднявечнай схаластыкі. Яны ганаруюць таксама Дэкарта і Агюста Конта. Калі ў Расіна ёсць свая вуліца, мусіць быць і ў Карнэля, Мальера, Буало. Тое ж самае тычыцца нямецкамоўнага свету, у якім незлічонае мноства плошчаў Гётэ і вуліцаў Шылера, сквераў Моцарта альбо Бетховена.
Еўрапейскія школьнікі і гарадчукі жывуць у прасторы, у якой гучыць рэха гістарычных, інтэлектуальных, мастацкіх і навуковых дасягненняў. Вельмі часта вулічны знак адсылае не толькі да знакамітага (альбо не вельмі) імя, але мае адпаведныя даты і кароткае апісанне. Такія гарады, як Парыж, Мілан, Фларэнцыя, Франкфурт, Веймар, Вена, Прага ці Санкт-Пецярбург – гэта жывыя летапісы. Чытаць іх вулічныя шыльды — як гартаць нядаўняе мінулае. І гэты працэс ніколі не спыняецца. Плошча Сен-Жэрмен стаецца плошчай Сартр-Бавуар. У Франкфурце з’яўляецца плошча Адорна. У Лондане сярод безлічы блакітных дошак, што пазначаюць дамы, у якіх жылі сярэднявечныя, рэнесансныя або віктарыянскія пісьменнікі, мастакі, навукоўцы-прыродазнаўцы, мы знаходзім і тыя, што ўшаноўваюць літаратараў з Блумсберы і мадэрністаў.
[…]
Гэта толькі кавалак эсэ, цалкам яго можна прачытаць на сайце Abdziralovic