Прывітанне! Гэта першы выпуск рассылкі “менскі капучынатар”. Гэта нерэгулярны гарадскі бюлетэнь пра Мінск і ня толькі.
Першы выпуск — пра ўладальнікаў фэнсі-фудкорта FABRIQ.
Напэўна вы чулі пра самы дарагі (у плане стварэння) фэнсі-фудкорт Мінска — FABRIQ. Як вядома — ён частка холдынгу Golden Project пад кіраўніцтвам рэстаратараў Сяргея Пушнога і Ігара Садоўскага. На момант адкрыцця ў 2019 годзе ў праект FABRIQ было інвеставана каля мільёна долараў.
Сярод саўладальнікаў фэнсі-фудкорта называліся Сяргей Пушной і сям’я Садоўскіх. Аднак на момант адкрыцця моднай кропкі ў яе быў яшчэ адзін саўладальнік, якога не афішавалі і нідзе не ўзгадвалі.
Гэта таемны ўкраінец Уладзімір Кулакоў, якому на дадзены момант належыць 25% долі моднага фудкорта. Падчас працы над адным са сваіх расследаванняў пра сям’ю Аляксандра Лукашэнкі, я выпадкова дазнаўся хто ж гэта такі і як ён звязаны з гэтай сям’ёй.
Рэстаратарскі клан
Але спачатку крыху пра Садоўскіх. Я сачу за імі ўжо амаль тры гады. Садоўскія — сям'я, добра вядомая ў рэстаранным бізнесе Беларусі. Яе патрыярх Анатоль Садоўскі не толькі вядзе справы ў грамадскім харчаванні, але і шчыльна звязаны з лёгкай прамысловасцю і нерухомасцю.
Большая частка чальцоў сям’і Садоўскіх трымаецца ў цені. Адзіная публічная фігура — Наталля Садоўская, якая ў 2020 годзе змяніла Вадзіма Пракоп'ева на чале Асацыяцыі рэстаратараў Беларусі. Дарэчы ці чуць нешта пра дзейнасць гэтай асацыяцыі з тых часоў?
У тым жа 2020 годзе Наталля Садоўская паспела выйсці замуж за Анатоля Ярмоленку-малодшага (унука вядомага артыста, які напісаў неяк да выбараў песню з недвухсэнсоўнай назвай "Слухай бацьку") і пабываць на "таемнай" інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі падчас пратэстаў у 2020 годзе.
Муж сястры жонцы сярэдняга сына
Дык хто такі Уладзімір Кулакоў? Тут усё проста — ён муж Таццяны Кулаковай — сястры Ганны Лукашэнкі — жонкі Дзмітрыя, сярэдняга сына Аляксандра Лукашэнкі. Сваяцкія сувязі ва ўвесь рост.
Кулакоў — дырэктар кампаніі “Клуб Тэніса”, якая суцэльна належыць “Прэзідэнцкаму спартыўнаму клубу”. Так, ўсё правільна, гэта той самы “прэзідэнцкі клуб”, якім з заснавання кіруе Дзмітрый Лукашэнка.
Таксама Уладзімір саўладальнік сеткі аўтамыек "БАМ". Адзін з яго кампаньёнаў сумнавядомы праўладны актывіст Мікалай Зарубіцкі. У тым жа 2020 годзе гэтая аўтамыйка адзначылася вось такой лістоўкай.
Зарубіцкі — старшыня так званых "Патрыётаў Беларусі". А Кулакоў там запісаны як “актывіст”.
Але гэта не ўсё. Мае калегі расследавальнікі знайшлі, што Кулакоў датычны да арганізацыі мерапрыемстваў для ўкраінскіх дзяцей, якіх прывезлі ў Беларусь праз Расію з акупаваных тэрыторый.
Уладзіміра можна пабачыць на фотках з Талаем, зробленых пасля канцэрта ў санаторыі «Зялёны бор», які арганізавалі для дзяцей з Горлаўкі. На фота ён трымае сцяг так званай “ДНР”.
А таксама на здымку з хакейнага матчу, на які вадзілі ўкраінскіх дзяцей. Пасля яго сваяк Дзмітрыя Лукашэнкі даў інтэрвʼю аднаму з праўладных медыяў, дзе яго назвалі прадпрымальнікам з Данецку.
Акрамя працы ў афіляваных з сям’ёй Лукашэнкі структурах, Кулакоў з жонкай суправаджаюць сям’ю Дзмітрыя Лукашэнкі падчас іх шматлікіх адпачынкаў.
Кулакоў з жонкай неаднаразова лёталі ў Турцыю, Грэцыю, Італію, Чарнагорыю, Славенію і ў Аб'яднаныя Арабскія эміраты на бізнес-джэтах з Дзмітрыем і Ганнай Лукашэнка.
Паляванне на Пушнога
Што тычыцца рэстаратара Сяргея Пушнога, то ён ніколі наўпрост не валодаў FABRIQ ці іншымі месцамі ў холдынгу Golden Project. Але ў медыя яго неаднаразова называлі саўладальнікам.
Як мне стала вядома з устаўных дакументаў — Сяргей Пушны з 2012 па 2022 год прадстаўляў у Беларусі латвійскую кампанію “Apart Invest”, якая і валодала доляй у фэнсі-фудкорце. Але у самой латвійскай кампаніі ён не валодае нават і часткай. Згодна з рэестрам юрыдычных асоб Латвіі — адзіны ўладальнік кампаніі —Kocjurbenko Anatolijs.
Акрамя FABRIQ кампанія “Apart Invest” валодала ў холдынгу Golden Project долямі яшчэ ў некалькіх месцах:
■ Пан-азіяцкіх рэстаранах “Gan Bei”
■ Golden Coffee ў “Грын Сіці” і на Кірава
Аднак ці валодае да гэтага часу латвійская кампанія гэтыя долямі — мне невядома..
Дзякуй, што прачыталі. Калі вам спадабался — падзяліцеся з сябрамі. Буду вельмі ўдзячны.