Апошнія некалькі гадоў да маёй вымушанай эміграцыі я актыўна цікавіўся мінскімі злачнякамі. Цяпер яны перажываюць не лепшыя часы, а калі шчыра то – знікаюць беззваротна. За гэты час такія эпахальныя і легендарныя барухі як «42», «Бутэрбродны» каля Вакзала, «Ячменны вус», «Белачка», «Спатканне» «Дранікі вясковыя» і многія іншыя спынілі сваё існаванне.
Сам феномен злачняка не ўнікальны, у той ці іншай форме такія месцы прысутнічаюць паўсюль. Нягледзячы на сваю маргінальнасць, яны нярэдка з'яўляюцца кропкамі фармавання “багемы”. Работнікі розных культурных інстытуцый, ды і ўвогуле большая частка нашай культурнай і каля культурнай тусоўкі рэдка могуць пайсці ў дарагі бар.
Злачнякі, маргінальныя па сваёй прыродзе, становяцца важнымі культурнымі кропкамі. Найбольш вядомы прыклад такога месца - гэта Ц. (Цэнтральны).
Спалучаючы ў сабе розных людзей, ён нівелюе іх рознасць ператвараючы ў адзінае варыва якое прагне адпачынку, зносін і жартаў. Тут адбываецца лакальная карнавалізацыя, сатырычнае прагаворванне навін культуры, палітыкі і не толькі.
Гэтыя зборышчы і месцы нясуць у сабе элементы перфарматыўных дзеянняў, “кабарэ”, артыстычных і літаратурных кафэ. Там адбываюцца спантанныя чыткі новых тэкстаў, “перформансы”, абмеркаванне творчых ідэй. Высмейванне праблем і заган грамадства — краевугольны камень тутэйшых зносін.
Злачнякі – важная частка паўсядзённага гарадскога жыцця прадстаўнікоў маргінальнай культурнай багемы, журналістаў, сучасных мастакоў і артыстаў. Яны існуюць на разрыве паміж звычайнымі маргіналіямі і ўмоўна «творчымі» месцамі.
Памятаю як я ўпершыню зайшоў у бар у Доме Фота на Мяснікова. У іх быў ці то пераўлік, ці то нешта такое. Усё што яны маглі мне прапанаваць — гэта піва і гарэлачку пад гатовыя бутэрброды ў цэлафане. Так і не ўдалося паспрабаваць іх знакамітыя гарачыя бутэрброды.
Гэта было маленькае памяшканне з вялізнымі вокнамі. Уся мэбля — простыя крэслы са сталёвых дуг з перацягнутымі дэрмацінам сядзеннямі і сталы. Іх асноўная праблема была ў адсутнасці ўласнага асобнага ўваходу, які не дазваляў ім сур'ёзна разгарнуцца, будучы залежнымі ад працоўнага дня Дома Фота.
Трэція месцы Менска
Такія месцы — постсавецкі варыянт сацыякультурнага феномену "трэціх месцаў" па Ольдэнбургу. Або "трэція прасторы" па Гі Дэбору. Ідэальна прыдатныя для дрэйфу і псіхагеаграфіі. Часцей за ўсё без назваў ці назвы ў іх "народныя". Наведваюць іх у асноўным мясцовыя. Але ёсць і тыя, хто ў пошуках трэшу, эстэтыкі распаду і чаду куцяжа прыходзяць туды. Залётныя рабяты і аблюбаваўшыя гэтае месца прадстаўнікі багемы.
Трэцяе месца — гэта своеасаблівая нейтральная тэрыторыя, якая ўраўноўвае прастору, куды людзі могуць прыходзіць калі заўгодна і знаходзіцца там колькі заўгодна часу ў залежнасці ад іх жадання. Наведванне такіх месцаў з'яўляецца добраахвотным і свабодным і не залежыць ад эканамічных, палітычных, сацыяльных ці якіх-небудзь іншых фактараў.
Па атмасферы і ступені псіхалагічнага камфорту трэцяе месца падобна на першае - дом. Яно дае наведвальнікам блізкае па духу асяроддзе, праводзячы час тут чалавек здабывае душэўны спакой.
Так і злачняку, будучы з'явай нашай нізавой гарадской культуры, уласцівыя характарыстыкі "трэціх месцаў".
Крызіс і фінансавыя праблемы ставяць існаванне такіх месцаў пад пагрозу. Бо ўжо цяпер мы страцілі велізарную колькасць знакавых для гэтай культуры месцаў, якія практычна нідзе не захаваны.
Вядома, на іх месца прыходзяць іншыя. Злачнякі адкрываюцца на раёнах, і імкнуцца абжыцца тамака, пераймаючы новую візуальную эстэтыку. Але гэта ўжо іншы ўзровень, іншая эстэтыка і крыху іншы кантынгент.
Паглыбленне ў злачняк
Амаль ніхто ў Беларусі не займаўся даследаваннем злачнякоў, чарачных, дробных трэшавых “кнайпаў” і забягалавак. Ды і ўвогуле нейкім асэнсоўваннем іх існавання і знікнення, бо ў большасці сваёй калі і нехта і думае пра іх, то як пра “саўковаю спадчыну".
Для многіх злачнякі — з'ява сарамлівая. Бо “фу, жудасны барыжнік, дзе нейкія дэкласаваныя элементы бухаюць “беленькую” і запіваюць півам, закусваючы якім-небудзь вараным яйкам, ды і смярдзіць там”.
Але хіба вывучаць і пісаць трэба толькі пра рэчы "прыгожыя" і якія падпадаюць пад разуменне "прыўкраснага"?
Узяць хаця б бары ў раёне той жа Зыбіцкай ці Кастрычніцкай, у большасці сваёй знешні візуал і ўнутраны складнік — бессаромная калька з замежных узораў барнай культуры без спробы асэнсавання беларускага кантэксту. У мінскай барнай культуры вяршэнствуе амаль поўнае ігнараванне мясцовых праяў культуры піцейных месцаў.
Апісаннем сваіх лакальных злачнякоў займаліся аўтары ў самыя розныя часы. Успомніць хаця б тэкст літаратара і журналіста Ёзефа Рота пра берлінскія злачнякі 20-х: "Ночы берлінскага паўсвету". А калі браць больш свежыя прыклады, то вось гонза-рэпартаж у адным украінскім выданні пра Івана-Франкоўскія “генделиків”: “Хрестоносці нетверезості. Ґонзо-репортаж з франківських генделиків”.
Магчыма, праз асэнсаванне феномену злачнякоў і іх існаванне ў гарадской прасторы Мінска, мы б убачылі нейкае нараджэнне мясцовай гарадской культуры. Не калькаванай з іншых, а сваёй, якая вырасла са згнілага саўка і яго эстэтыкі, замежных запазычанняў і ўвабрала наш мясцовы каларыт і культуру.
Я разумею, што наўрад ці кагосьці можа зацікавіць такія месцы для асэнсавання і рэфлексіі. Бо як паказаў час, нашым даследнікам не цікавыя нават такія феномены менскага гарадскога жыцця як Кастрычніцкая і Зыбіцкая. Калі для нашых гарадскіх “інтэлектуалаў” становіцца адкрыццём змены на Кастрычніцкай (гісторыі пра шашлык і “Мордар” з 2019-2020), хаця яны там гадамі знаходзіліся, то што казаць пра больш нішавыя тэмы.
Што тычыцца злачнякоў, то былі рэдкія спробы іх апісаць і захаваць у часе.
Так у яшчэ старым, “дарэформенным” 34mag.net выйшлі два тэксты пра мінскія злачнякі — “злачнякі” і “новыя злачнякі”. Ужо цяпер яны захаваліся толькі ў вэбархіве і калі-небудзь знікнуць назаўжды.
Быў вялікі агляд злачнякоў на рэсурсе Generation.by “Па мясьцінах баявога Славы”.
Быў літаратурны зборнік-амаж "Рыбе" на Карла Маркса.
І даследаванне Алішэра Шарыпава і Алены Артамонавай “Скажы мне, дзе ты п'еш… Нататкі пра піцейныя ўстановы Мінска” ў зборніку “Беларускі фармат” за 2008 год.
А яшчэ былі смешныя хлопцы з “Днішча тур”.