У сярэдзіне верасня мінскі рэстаратар Улад Луневіч аб'явіў аб тым, што яго "першынец" — кафэ "Enzo" на Кастрычніцкай закрываецца на рэбрэндынг. На яго месцы зараз з'явіцца нешта з назвай "Iskra". Рэстаратар нават падзяліўся ў сваім Instagram лагатыпам будучай установы.
Я не сачыў за лёсам “луневіцкіх” месцаў з 2021 года, ды і сам рэстаратар выклікае ў мяне супярэчлівыя пачуцці, у першую чаргу сваімі дзеяннямі летам 2020 года.
Асвяжу вашу памяць: летам 2020 года група рэстаратараў, ратуючыся ад наплыву людзей на Кастрычніцкай, звярнулася да міліцыі і мясцовых уладаў з просьбай, каб тыя "нармалізавалі" сітуацыю на вуліцы. Менавіта тады на Кастрычніцкай з'явіліся рэгулярныя патрулі і аўтазакі. А Луневіч яшчэ ганарліва фоткаўся на фоне патруля АМАП.
Але прайшло два гады і я вырашыў ізноў пацікавіцца хто ж зараз валодае ўстановамі Луневіча, пасля таго як ён быў вымушаны прадаць свае долі.
"Страта ўстаноў"
Гісторыя з "продажам" устаноў Луневіча пачалася ў лістападзе 2020 года, неўзабаве пасля так званага "Народнага ўльтыматуму".
За адзін дзень дзяржаўныя службы закрываюць усе праекты Луневіча на Кастрычніцкай. Не пашанцавала і рэстарану Simple на Свярдлова, які арандаваў памяшканні на Фабрыцы-кухні ў кампаніі Пефціева.
12 лістапада рэстаратар Улад Луневіч аб'яўляе, што закрывае ўсе праекты. А 16 лістапада пакідае Беларусь. Але не хвалюйцеся, гэта ў яго ненадоўга.
Заменнікі Луневіча
Усяго праз некалькі тыдняў пасля ад'езду рэстаратара яго ўстановы зноў адкрываюцца, але ўжо пад іншымі назвамі. Усе праекты атрымалі ўмоўныя назвы "Кафэ 1", "Кафэ 2", "Кафэ 3" і гэтак далей.
Сам рэстаратар афіцыйна паведамляе, што ён прадаў свае долі ў кампаніі "Абіус" і больш не мае дачынення да праектаў. І сапраўды, паводле дадзеных ЕГР двое саўладальнікаў — Уладзіслаў і Анатоль Луневічы прадалі свае долі у кампаніі.
Новымі ўладальнікамі сталі: Валянцін Паначэўны (айцішнік і сябар Луневіча), Маргарыта Глушакова і кампаньён рэстаратара Аляксандр Гарбачоў.
Падзел
Пасля продажу долі кампанія “Абіус” праіснавала нядоўга. Ужо ў студзені 2021 года яе далучыла іншая кампанія. А праектамі Луневіча сталі валодаць тры новыя юрасобы: “Аукаст” (Underdog, Дэпо №2), “Акастмі” (Лаўка, Дэпо №1, Enzo, Let it be) і “Авасэт” (Simple).
Кампаніяй "Аўкаст" валодаюць Аляксандр Гарбачоў і Валянцін Паначэўны.
Асноўным ўладальнікам "кастрычніцкіх" устаноў — кампанія "Акастмі" належыць: Маргарыце Глушаковай, Валянціну Паначэўнаму і Аляксандру Гарбачову (ён жа і дырэктар кампаніі).
Рэстаран Simple (цяпер Рэстаран №1) выдзелены ў асобную юрыдычную асобу. Цяпер ім валодае “Авасэт”. Валодаюць кампаніяй: Аляксей Свідрыцкі (шэф-кухар рэстарана), Арцём Хаміцэвіч (самелье ўсіх устаноў Улада Луневіча), Маргарыта Глушакова і Валянцін Паначэўны.
Але і ў такім выглядзе гэта ўсё праіснавала нядоўга.
Сёння
Сёння праектамі Луневіча валодаюць ужо чатыры кампаніі. Акрамя названых вышэй з'явілася "АМГ-Про", якой адышла пякарня Let it be, а кампаніяй аднаасобна валодае Аляксандр Гарбачоў.
У астатніх кампанія ж адбыліся змены ва ўласніках. Актывы вярнуліся ў сям'ю Луневічаў.
90% "Акастмі" адышлі Анатолю Луневічу, гэта бацька рэстаратара Улада Луневіча, астатнія 10% у Аляксандра Гарбачова.
"Аукаст" стаў належаць на 90% Алене Луневіч (маці Улада Луневіча) і на 10% Аляксею Свідрыцкаму.
Нягледзячы на тое што рэстаран Simple (ён жа Рэстаран №1) зачыніўся яшчэ ў 2021 годзе, кампанія "Авасэт" працягвае функцыянаваць. Цяпер 60% долі там належыць Алене Луневіч, астатнія 40% падзелены паміж астатнімі ўладальнікамі.
Так, афіцыйна Улад Луневіч больш не валодае сваімі праектамі. Аднак ён працягвае імі займацца, асвятляць іх дзейнасць і наведваць. Усё правільна, рэстаратар Улад Луневіч спакойна заязджае і выязджае з Беларусі, ніхто яго не пераследуе.
Дарэчы, пра бацьку рэстаратара.
Бізнес Анатоля Луневіча ў Расіі
Паводле дадзеных расійскай базы СПАРК - Анатоль Яновіч Луневіч саўладальнік чатырох кампаній у Расіі. Усе яны займаюцца вытворчасцю медыцынскага абсталявання.
Асноўны актыў — кампанія "Элта", займаецца вытворчасцю глюкаметраў. З 2019 па 2020 год кампанія атрымала ад Мінпрамгандлю Расіі 114 мільёнаў расійскіх рублёў бюджэтных субсідый, гэта каля 1,5 мільёна еўра. У 2020 годзе выручка кампаніі склала 35 мільёнаў расейскіх рублёў ці 485 тысяч еўра. Кампанія функцыянуе да гэтага часу.
Зусім нядаўна, у жніўні 2022 года Анатоль Луневіч разам з новымі партнёрамі стварыў яшчэ адну кампанію - "Терпен". Судзячы па ўсіх яна таксама будзе займацца глюкаметрамі.
Яго партнёры вельмі цікавыя людзі – яны валодаюць некалькімі кампаніямі, якія займаюцца асвятленнем будынкаў у Маскве. Так з 2022 па 2023 год яны выканалі дзяржкантрактаў на суму 252 мільёны расійскіх рублёў ці каля 3,6 мільёнаў еўра. Сярод іх кантрактаў: асвятленне будынкаў МДУ і Траццякоўскай галерэі, помніка 300 гадоў ваенна-марскому флоту РФ і іншыя.