Улады нацыяналізуюць былы McDonald's? Што адбываецца
Разбіраемся ў сітуацыі з галоўнай фастфуд-сеткай Беларусі
Прывітанне, сябры! Гэта першы выпуск “капучынатара” за 2024 год. Спадзяюся ў вас усё добра.
Пытанне, якім я задаўся напачатку года:
Улады сапраўды вырашылі нацыяналізаваць былы McDonald's?
Выходзіць, што так.
Выявілася, што яшчэ восенню 2023 года Дзяржаўны камітэт маёмасці падаў пазоў у Эканамічны суд Мінска з мэтай "адціснуць" кампанію "КСБ Віктары Рэстараны", якая кіруе фастфуд-сеткай у Беларусі. Дагэтуль кампаніяй валодала сінгапурская KSB VICTORY RESTAURANTS PTE. LTD.
Чамусьці кастрычніцкае рашэнне мінскага суда прыбрана з банка дадзеных судовых пастаноў. Аднак, у “капучынатара” аказалася на руках гэтае рашэнне. Прыводжу яго цалкам:
10.10.2023
Решение
Руководствуясь ст.ст. 133, 190-194, 202, 204 Хозяйственного процессуального кодекса Республики Беларусь,
РЕШИЛ:
Заявление Государственного комитета по имуществу Республики Беларусь – удовлетворить.
Изъять безвозмездно торгово-производственное унитарное предприятие «КСБ Виктори Рестораны» у компании KSB VICTORY RESTAURANTS PTE. LTD. (Республика Сингапур).
Передать торгово-производственное унитарное предприятие «КСБ Виктори Рестораны» в собственность Республики Беларусь в лице Государственного комитета по имуществу Республики Беларусь.
Взыскать с компании KSB VICTORY RESTAURANTS PTE. LTD. (Республика Сингапур) в доход республиканского бюджета 740 белорусских рублей государственной пошлины за рассмотрение дела.
После вступления решения в законную силу выдать судебный приказ.
Решение суда в части изъятия и передачи имущества подлежит немедленному исполнению.
Решение суда может быть обжаловано в апелляционную инстанцию экономического суда города Минска в течение 15 дней с момента его принятия в порядке, установленном ст.ст. 207, 267-270 Хозяйственного процессуального кодекса Республики Беларусь.
Решение в соответствии с абз.4 ч.5 ст. 193 Хозяйственного процессуального кодекса Республики Беларусь составлено с мотивировочной частью.
Судья К.В.Скурчинская
У лістападзе 2023 была апеляцыя ў тым жа Эканамічным судзе Мінска, вынік — рашэнне ад 10 кастрычніка пакінута без зменаў. Але судовая гісторыя на гэтым не заканчваецца. І ўладальнікі сеткі ідуць у апошнюю інстанцыю — Вярхоўны суд.
10 студзеня 2024 года там "вырашаўся" лёс былога McDonald's’а ў Беларусі (а цяпер сеткі Mak.by). Пасяджэнне было закрытае, а рашэнне суда да гэтага часу не апублікавана ў базе дадзеных судовых пастаноў. Там прысутнічае толькі файл з трохкроп'ем. Дакладна такі ж і ў рашэнні ад 10 кастрычніка Мінскага эканамічнага суда.
Я напісаў у Вярхоўны суд пра “памылковы” файл у базе дадзеных. Але не разлічваю, што яны нешта паправяць. Што тычыцца рашэння Вярхоўнага суда, то я не сумняваюся, што ён пакінуў вердыкт без зменаў.
Што гэта значыць?
Верагодна, у хуткім часе афіцыйна адбудзецца змена ўладальніка і ў базе юрыдычных асоб мы ўбачым, што ўладальнікам стаў Дзяржкаммаёмасці.
Па інфармацыі Еўрарадыё агульны кошт сеткі ацэньваецца ў 3,75 млн долараў. У 2022 годзе чысты прыбытак кіруючай кампаніі склала 4,1 млн рублёў. Каму ж дастанецца гэты ласы кавалачак?
Ад McDonald's да Mak.by
Што увогуле адбывалася апошнія гады з вядомай фастфуд-сеткай у Беларусі? У лістападзе 2022 года на фоне вайны ва Украіне McDonald's абвясціў, што сыходзіць з беларускага рынку. Спачатку было абвешчана, што месца зойме расійская сетка "Вкусно — и точка", але нешта пайшло не так.
“Мы согласились и даже успели подписать соглашение о сотрудничестве и отгрузить часть продукции. Но в силу определенных обстоятельств Беларусь в итоге пошла по другому пути, в Минске решили создавать свой собственный бренд, который не будет иметь никакого отношения ни к России, ни к „Вкусно — и точка“, ни к каким-то другим российским франшизам. Соглашение о сотрудничестве мы расторгли”, — объяснил генеральный директор сети “Вкусно — и точка” Олег Пароев.
Што ж здарылася? Планавалася, што рэстараны пад расійскім брэндам пачнуць працаваць з 22 лістапада, але ўсяго за пару дзён да гэтага пра McDonald's узгадаў Аляксандр Лукашэнка, які заявіў, што гэта "ужо наша прадпрыемства".
У снежні 2022 года “Наша Ніва” са спасылкай на свае крыніцы заявіла, што даглядаць сетку былога McDonald's’а паставілі аднаго з набліжаных бізнесменаў — Аляксея Алексіна.
А вясной 2023 года нарэшце быў прыдуманы і абвешчаны новы брэнд. Пасля доўгіх мазгавых штурмаў была крышталізавана новая назва — Mak.by. З гэтага моманту запусціўся працэс рэгістрацыі мноства таварных знакаў.
Дык а хто валодаў былой сеткай McDonald's у Беларусі?
Кампаніяй “КСБ Віктары Рэстараны” валодае сінгапурская юрасоба KSB VICTORY RESTAURANTS PTE. LTD. Яна належыць яшчэ двум кампаніям — 90% у RAPID FOOD HOLDING PTE. LTD. і 10% у SENGERMEN PTE. LTD.
Уладальнікам першай значыцца вядомы бізнесмен з Казахстана Кайрат Баранбаеў. Уладальніца другой дырэктарка сеткі McDonald's у Беларусі Вікторыя Данько.
Кайрат Баранбаеў звязаны з сям'ёй першага прэзідэнта Казахстана Нурсултана Назарбаева. Яго дачка замужам за ўнука Назарбаева (унук загінуў пры дзіўных абставінах).
У 2022 годзе, калі пад шумок масавых пратэстаў у Казахстане пачалі прыбіраць стаўленікаў і фаварытаў Назарбаева, Баранбаеў трапіў пад крымінальны пераслед. У 2023 годзе ён быў асуджаны на восем гадоў. Яму прыйшлося "добраахвотна" перадаць ва ўласнасць дзяржавы актывы на суму больш за 90 млрд тэнге (каля 180 мільёнаў еўра).
Аднак, сярод іх не было яго кампаніі, якая авалодала Макдональдсам у Беларусі. Згодна з актуальнай выпіскай з сінгапурскага рэестра — Баранбаеў да гэтага часу адзіны ўладальнік кампаніі RAPID FOOD HOLDING PTE. LTD.
У лістападзе 2023 года паведамлялася, што бізнесмен выйшаў на волю - яму змянілі меру пакарання з пазбаўлення волі на абмежаванне волі. Па сутнасці яго адправілі на "хатнюю хімію". Вось ён напэўна здзівіўся, калі даведаўся што ўлады Беларусі вырашылі “адціснуць” яго бізнес.
Дзякуй, што прачыталі. Калі вам спадабалася — вы можаце параіць падпісацца на “капучынатар” сваім сябрам ці на наш Instagram.