Былы саўладальнік "кафэ з русалкамі" дзякуе Качанавай за выратаванне бізнесу і шые сукенкі для конкурсу "Міс Беларусь"
Пасля "выратавання" яго бізнес стаў актыўна атрымліваць дзяржзаказы.
Усім прывітанне. Гэта снежаньскі выпуск “Капучынатара”. З надыходзячымі святамі ўсіх вас.
У гэтым месяцы “капучынатар” доўга не выходзіў, бо я быў заняты запускам новага расследавальніцкага выдання “Бюро”, дзе я сярод сузаснавальнікаў. Асноўныя тэмы нашых расследаванняў: карупцыя, абыход санкцыяў, бязладдзе ўладаў у сацыялцы і сферы аховы здароўя. На нас можна падпісацца ў тэлеграм ці Інстаграм.
Сённяшні наш выпуск па запыту аднаго з чытачоў. Першапачаткова мы планавалі іншую тэму на снежань, але да нас звярнуліся і мы вырашылі адказаць на пытанне, якое цікавіць чалавека.
Наш чытач звярнуў увагу на мінскага мадэльера Ягора Кірычэнку, які валодае бізнесам па пашыве адзення ў Беларусі. Ягор праз сетку кампаній валодае некалькімі атэлье і магазінамі адзення ў Мінску. Адно з іх атэлье Kiko Richen на праспекце Незалежнасці, другое Bonjour на праспекце Пераможцаў.
Качанава і дзяржзаказы
У дзяржаўнай прэсе Ягор з'явіўся ў студзені 2023 года. У публікацыі "СБ" ён распавядае як яму дапамагла Качанава падоўжыць арэнду памяшкання і наогул "выратавала бізнес". Пасля ён становіцца героем спецпраекту СТВ.
“— Бизнес семейный, я в него влился шесть лет назад. Со временем запустили собственное производство, вкладывали все ресурсы и возможности в развитие бренда, сняли это помещение. Работа шла хорошо. Однако в декабре мы получили уведомление о досрочном расторжении договора аренды.
С местными властями вопрос решить не удалось, поэтому Кириченко записался на прием к Наталье Кочановой.
— Вопрос был решен супербыстро, в течение двух недель. Договор продлили на три года”.
І ў тым жа 2023 годзе кампаніі Кірычэнкі раптоўна пачынаюць атрымліваць дзяржаўныя заказы, прычым усё – як закупка з адной крыніцы. Па нашых прыкладных падліках яны атрымали дзяржзаказаў толькі ў 2023 годзе на суму ў 140 тысяч рублёў. Пры гэтым дзяржзаказы атрымліваюць як яго кампаніі, так і ён сам як ІП.
Адзін з самых буйных дзяржзаказаў — сукенкі для ўдзельніц "Міс Беларусь-2023". Па паведамленнях той жа прэсы гэтыя сукенкі потым удзельніцам падарыла адміністрацыя Лукашэнкі.
“Сейчас Егор Кириченко - владелец самого большого в стране салона-ателье по пошиву платьев для особого случая. Среди его клиенток - Ольга Бузова, Ирина Дорофеева, Анна Благова, а теперь еще и финалистки "Мисс Беларусь". Сшитые здесь дизайнерские наряды красавицы получили в подарок от Президента”.
Рабіў ён сукенку і для пераможцы "Міс Беларусь-2023" для конкурсу "Міс Еўропа Кантыненталь".
Mon Nom
Імя Ягор Кірычэнка вы можаце сустрэць і ў навінах пра адкрыццё кафэ Mon Nom (таксама вядомага як “кафэ з русалкамі”) на Трактарным у Мінску. Ці той самы гэта чалавек?
Так, сапраўды, Ягор быў сярод сузаснавальнікаў кафэ. Але нядоўга. Паводле афіцыйных дакументаў ён пакінуў праект у сакавіку 2020 года. Па нашай інфармацыі ён вырашыў сканцэнтравацца на сваім бізнесе — вясельных сукенках і пашыве адзення пад замову.
А што варшаўскі “Mon Nom”? Кірычэнка ўдзельнічае? Не. Яго адкрывае цяперашняя ўладальніца мінскай кавярні Алена Нікіціч і яе бізнес-партнёрка Лізавета Дзенісюк. Ягора Кірычэнкі сярод саўладальнікаў няма.
Кампаніі для каламутнага бізнесмена
У ходзе рысёрча па Ягору Кірычэнку, мы знайшлі некалькі яго былых кампаній (створаных у 2022 годзе), якія былі перададзены (прададзены?) нейкаму Давіду Рэвазавічу Чытаю.
Гэта кампаніі “Еком-инвест” і “"Бон Торг”. Будзьце ўважлівыя, калі перасячэцеся з імі.
Бо гэты Давід Чытая вельмі цікавы персанаж. Яго прыхільнікі нават стварылі асобны сайт пра яго, дзе захапляюцца яго "крышталёвай сумленнасцю".
Ну а калі адкінуць жарты ў бок, то Давід Чытая ашуканец і нам застаецца толькі здагадвацца, што яго звязвае з Ягорам Кірычэнкам.