"Курылка" курца. Хто валодае знакамітым лакшэры-барам у цэнтры Мінска
І да чаго тут сябра Віці Лукашэнкі
Прывітанне, сябры! Гэта другі выпуск “Менскага капучынатара”. Сёння я б хацеў вам расказаць пра бар «Курылка».
Напэўна вы ведаеце, ці чулі, што гэты бар адчыняў рэстаратар Аляксей Садавой. Аляксей з няпростай сямʼі. Яго бацька Аляксандр — вядомы бізнесовец, які скалаціў грошы на гандлі зброяй у кампаніі «Белтэхэкспарт» беларускага «зброевага барона» Уладзіміра Пефціева.
Аляксей жа вырашыў не лезці ў зброевы бізнес (прынамсі публічна ён у гэтым не заўважаны), і вырашыў заняцца рэстараннай сферай. Яго праектамі лічацца «Героі», «Пена дзён», «ID бар», «Бяссоніца», і шэраг іншых месцаў.
Адным з такіх праектаў стаў бар «Курылка». З’явіўся ён у верасні 2016 года. Тады пісалася, што яго менавіта Садавой яго адкрыў, аднак па факце ў бара было некалькі саўладальнікаў (што ня дзіўна).
Паводле рэестру юрыдычных асоб, у Аляксея была далёка не самая вялікая доля ў бары. Ды і ў верасні 2017 года Садавой пакідае склад саўладальнікаў бара, яго доля пераразмяркоўваецца паміж астатнімі. Праўда ў снежні 2018 ён вернецца ў бар, але ўжо толькі ў якасці кіраўніка.
Канешне, наогул гэта нармальная сітуацыя ў рэстаранным бізнесе — калі галоўная публічная фігура — не асноўны саўладальнік.
Найбольш буйны саўладальнік бара «Курылка» — Яўген Бейзак, якому з верасня 2015 па сёння належыць 40%. Хто ж гэта такі?
Юрыст
Яўген Бейзак – кіраўнік юрыдычнай кампаніі «Eviprime». На сваім сайце яны называюць сябе «міжнароднай групай». Хаця больш за ўсё яны працуюць у Беларусі.
Адным з асноўных кірункаў іх працы — гэта юрыдычнае суправаджэнне блізкіх да Лукашэнкі людзей і іх бізнесаў.
Адзін з такіх кліентаў – Сяргей Цяцерын. Менавіта юрыдычная кампанія Бейзака, напрыклад, складала для яго дамову пазыкі і дадатковае пагадненне паміж яго кампаніяй «БелГлобалСтарт» і цэнтрам эстэтычнай медыцыны «МедыкЭйдж», якім валодае асабісты ўрач Лукашэнкі Святлана Канашэнка.
Таксама яго юрыдычная кампанія складала статуты кампаній і дзелавую дакументацыю для Цяцерына.
Байкер
Бейзак — дырэктар беларускага аддзялення міжнароднай супольнасці ўладальнікаў матацыклаў Harley-Davidson – THE ONE CHAPTER BELARUS.
Гэты клуб шчыльна супрацоўнічае з Віктарам Лукашэнкам.
У Instagram клуба ёсць з ім фатаграфіі з сумесных паездак. Вось яны ў кастрычніку 2020 віншуюць «Алмаз» — спецыяльнае падраздзяленне МУС, якое актыўна ўдзельнічала ў падаўленні пратэстаў. Па адной з версій менавіта член гэтага падраздзялення забіў Тарайкоўскага.
Вось разам ездзяць з Віктарам Лукашэнкам на дабрачынныя акцыі. А тут ўдзельнічаюць у праўладных прабегах.
У верасні 2022 сябры клуба наведалі «Палац Незалежнасці», зрабілі сэлфі на фоне таго самага аўтамата, з якім Лукашэнка выбягаў з верталёта ў 2020 годзе.
Хто іншыя ўладальнікі
■ Вадзім Даніловіч
Быў саўладальнікам бара «Невыносная лёгкасць быцця» і шэрагу барбершопаў: нашумелага CUT насупраць будынку КДБ у Мінску, а таксама двух барбершопаў FIRM. Цяпер ён саўладальнік сеткі кафэ «Хінкальня».
■ Андрэй Гапановіч
Саўладальнік бара «Чарніла» на Інтэрнацыянальнай 25А, а таксама сеткі кафэ «Хінкальная» (уваходзіць у склад саўладальнікаў шэрагу кампаній). Да красавіка 2021 года быў саўладальнікам кавярні «Каўка» каля метро Акадэмія Навук у Мінску.
■ Антон Астроўскі
Саўладальнік IT-кампаній: BiXBiT – распрацоўка і рэалізацыя сістэм імерсійнага ахаладжэння для вылічальнага абсталявання; PYRAT – распрацоўка прыкладання Hypnopedia для ментальнага здароўя.
Дзякуй, што прачыталі. Калі вам спадабался — падзяліцеся з сябрамі. Буду вельмі ўдзячны.