Навошта барбершопам Садавога шатландская падстаўная фірма?
У самой Шатландыі такія кампаніі завуць “'shell' and 'shelf' companies” і выкарыстаюць іх па самых розных прычынах: ад ухілення ад падаткаў да адмывання грошай
Усім прывітанне! Гэта новы выпуск “менскага капучынатара”. Сёння ў нас будзе кароткая гісторыя. Я хацеў бы вам расказаць пра знаходку, якую знайшоў, калі рабіў тэкст пра бар “Курылка”.
Праглядаючы спіс кампаній у якіх фігураваў Аляксей Садавы, я заўважыў што ў адной з іх - ТАА "Вайнары" - сярод саўладальнікаў амаль паўтары гады была брытанская кампанія "Эрнап Трэйд ЛП". Малазначная дэталь, але я вырашыў пацікавіцца, што ж гэта за кампанія, і чым яшчэ ў Беларусі яна валодала.
Усяго я знайшоў чатыры кампаніі:
ТАА "Кучына" — валодала таварнымі знакамі і барбершопамі FIRM і CUT. Ліквідавана ў 2023 годзе.
ТАА "Інавайт Лаб" — кампанія займаецца інтэрнэт-маркетынгам і называе сябе "прадстаўніцтвам адной з вядучых рэкламных кампаній СНД" у гэтай сферы.
ТАА "Кат энд Шэйв" — валодае барбершопам CUT на плошчы Свабоды.
ТАА "Вайнары" — валодала барам "Невыносная лёгкасць быцця" і барбершопам Smoke & Mirrors.
Тры з чатырох кампаній наўпрост звязаны з праектамі Аляксея Садавога і яго партнёраў, і ў асноўным гэта барбершопы. Пытанне: навошта кампаніям, якія валодалі цырульнямі, брытанская юрыдычная асоба?
Нейкай публічнай інфармацыі пра дзейнасць "ЭРНАП ТРЭЙД ЛП" у Беларусі (ці недзе яшчэ) я не знайшоў. І вырашыў паглядзець, што ёсць у брытанскім рэестры юрыдычных асоб пра яе.
Брытанскі рэестр
У арыгінале кампанія называецца EARNUP TRADE LP, зарэгістраваная яна была ў Шатландыі. Кампанія была створана ў 2016 годзе і канчаткова ліквідавана ў 2021. У афіцыйных паперах фігуруюць іншыя дзве кампаніі, якія ўдзельнічаюць у яе стварэнні – гэта Monter Impex and Solter Management. Абедзве яны зарэгістраваны на Сейшэльскіх выспах.
Кампанія EARNUP TRADE афіцыйна знаходзілася па адрасе 101 Rose Street South Lane, Edinburgh – па гэтым жа адрасе зарэгістравана каля двух тысяч іншых SLP (Scotland Limited Partnership).
Гэта не звычайная юрыдычная асоба. Аказваецца, што шатландскія таварыствы з абмежаванай адказнасцю актыўна выкарыстоўваліся (і выкарыстоўваюцца) для вываду грошай, утойвання ўладальнікаў і ў іншых “шэрых” схемах.
Шатландскае выданне The Ferret у кастрычніку 2021 года апублікавала невялікае даследаванне пра гэтыя кампаніі:
“Гатовыя кампаніі ствараюцца і бяздзейнічаюць, а затым прадаюцца тым, хто шукае сабе юрыдычную асобу. Эксперты гавораць, што брытанскія законы і адсутнасць нагляду робяць краіну асабліва прыязнай да такой практыкі, асабліва да SLP у Шатландыі.
У справаздачы Transparency International за 2017 год гаворыцца, што толькі ў 2016 годзе было зарэгістравана больш SLP, чым за ўсе папярэднія гады разам узятыя з моманту увядзення SLP у 1907 годзе.
Падстаўныя фірмы могуць выкарыстоўвацца для абароны ананімнасці асоб, якія іх выкарыстоўваюць, і могуць выкарыстоўвацца па самых розных прычынах: ад ухілення ад выплаты падаткаў да адмывання грошай.
Transparency International выявіла, што 71 працэнт зарэгістраваных SLP кантраляваліся кампаніямі, якія базуюцца ў “сакрэтных юрысдыкцыях” – такіх краінах, як Сейшэльскія выспы, Беліз ці Панама, дзе інфармацыя пра уладальнікаў кампаній не з'яўляецца публічнай”.
Што з гэтага вынікае. З 2016 па 2019 год шатландская кампанія, якія часта выкарыстоўваюць у разнастайных шэрых схемах, была саўладальнікам шэрагу кампаній звязаных з Аляксеем Садавым і яго партнёрамі. Што яна там рабіла? Толькі яны і ведаюць. Калі вам вядома: пішыце мне на cappuccinator@proton.me.
Карупцыйны скандал ва Украіне
У канцы я б хацеў дадаць гісторыю, якая звязана не з EARNUP TRADE LP, а з іншай кампаніяй створанай Solter Management і Monter Impex.
Коратка гісторыя такая: зарэгістраваная ў Шатландыі кампанія Valton Group LP, размешчаная па адрасе 101 Rose Street South Lane у Эдынбургу, была заўважаная ў карупцыйным скандале ва Украіне ў 2017 годзе.
Праз сваю ўкраінскую кампанію яна купіла нерухомасць у Адэсе, а потым прадала яе гарадскім уладам у 46 разоў даражэй. Вось пра гэта пісаў The Herald. Ды і вы самі можаце пашукаць гісторыю суда над мэрам Адэсы - Труханавым па справе пакупкі комплексу завода «Краян».
Дзякуй, што прачыталі.
Падтрымаць праект можна праз падпіску на Patreon ці праз данат на Paypal (можна без акаунта, карткамі Visa & Mastercard)